Лекцыя 4. Фанетычны лад беларускай мовы.ppt
- Количество слайдов: 54
Фанетычны лад беларускай мовы Лекцыя 4
Аспекты вывучэння гукаў Гук – гэта элементарная, не члянімая адзінка ў гукавой плыні. 1. Акустычны (фізічны) аспект даследуе фізічныя якасці гукаў (частату, працягласць, сілу, тэмбр, інтанацыю, мелодыку).
2. Артыкуляцыйны (фізіялагічны) аспект – апісанне гукаў мовы з пункту гледжання іх утварэння (лёгкія, галасавыя звязкі, язык, зубы, гартань).
3. Функцыянальны аспект – разгляд гукаў з боку іх функцый у мове.
4. Перцэптыўны аспект Асаблівасці ўспрыняцця гукаў маўлення
Фанетычная сістэма беларускай мовы Па наяўнасці ці адсутнасці перашкоды на шляху выдыхаемага паветра ўсе гукі падзяляюцца на зычныя і галосныя.
Пры ўтварэнні галосных абавязкова працуюць галасавыя звязкі (яны напружаныя і вагаюцца) і няма перашкоды на шляху паветранага струменя. Свабодна праходзіць праз поласць рота.
Пры ўтварэнні зычных паветраны струмень сустракае на сваім шляху перашкоду – самкнутыя ці набліжаныя адзін да аднаго органы маўлення.
Адрозненне галосных і зычных гукаў. 1. Па артыкуляцыі. 2. Галосныя – складаўтвараючыя, зычныя – нескладаўтвараючыя. 3. Галосныя – неінфарматыўныя (оа, уа), зычныя – інфарматыўныя (клс, дмк). 4. Галосныя маюць большыя спалучальныя магчымасці.
Артыкуляцыя гуку складаецца з 3 этапаў: Экскурсія - падрыхтоўка маўленчага апарата да вымаўлення гуку, або пачатак артыкуляцыі; Вытрымка - само вымаўленне з захаваннем становішча органаў, неабходнага для вымаўлення; Рэкурсія - заканчэнне артыкуляцыі, якое ўяўляе сабой завяршэнне гуку, пры якім органы мовы змяняюць сваё становішча для вымаўлення наступнага гуку або пераходзяць у стан супакою. У рэальных умовах звычайна прамаўляюцца не асобныя гукі, а маўленчы ланцужок, тады экскурсія наступнага гуку накладваецца на рэкурсію, а часам і на вытрымку папярэдняга гуку.
У беларускай мове 6 галосных гукаў і 39 зычных, такім чынам беларуская мова адносіцца да кансанантных моў, г. зн. да моў, у якіх большую сэнсавую нагрузку нясуць зычныя гукі.
Артыкуляцыйная база беларускай мовы. Якімі ж рысамі характарызуюцца артыкуляцыйная база беларускай мовы?
Гукавы склад беларускай мовы вызначае найперш агульная ненапружанасць, раслабленасць органаў маўлення пры гукаўтварэнні. З агульнай ненапружанасцю губ звязана найперш замена губна-зубнога [в] у пэўным становішчы губна-губным [ў] (траўка, кроў, заўтра, аўторак), а таксама вымаўленне губных на канцы слоў і перад зычнымі (сем, дроб, сям'я).
Пераважная большасць гукаў беларускай мовы ўтвараецца ў цэнтры ротавай поласці пры высокім агульным пад'ёме языка (самая актыўная частка языка).
У задняй частцы маўленчага апарату ўтвараецца нязначная колькасць гукаў (Параўнаем: для каўказскіх моў, наадварот, больш уласцівыя заднеязычныя, гартанныя артыкуляцыі; ва ўкраінскай мове большасць зычных утвараецца ў пярэдней частцы ротавай поласці; артыкулююць кончык языка і пярэдняя частка языка. Зычныя ўкраінскай мовы больш напружаныя).
!!! Беларуская мова ад многіх іншых моў свету адрозніваецца вялікай колькасцю мяккіх гукаў.
Пры ўтварэнні большасці мяккіх зычных кончык языка пераносіцца на паднябенне, што стварае ўражанне іх асаблівай мяккасці. Найбольш гэта датычыцца гукаў [з'], [с'], [ц'], [дз'] для якіх мяккасць хутчэй не дадатковая, а асноўная рыса.
Гэтыя гукі называюць палатальнымі (мяккімі) у адрозненне ад астатніх палаталізаваных (памякчоных).
Схільнасць да моцнага памякчэння (палаталізацыі) – характэрная і досыць яркая рыса беларускай мовы, якая абумоўлівае своеасаблівую "мяккасць" яе гучання. Мяккія зычныя ўласцівы і рускай мове, аднак іх мяккасць не так моцна выражана, як у беларускай.
Своеасабліва гучаць у беларускай мове і цвёрдыя зычныя. Вымаўленне іх заўсёды суправаджаецца пад'ёмам задняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення (велярызацыяй; лац. velum – цвёрдае паднябенне), што надае ім асаблівую цвёрдасць.
У беларускай мове гэты рух характэрны пры вымаўленні ўсіх цвёрдых зычных (Параўнаем: у рускай мове так вымаўляюцца толькі [ж] і [ш]).
Для беларускай артыкуляцыйнай базы не ўласцівы зычныя [г`], [г`'] (выбухныя), [дз] (цвёрды), а таксама [ф], [ф']. Яны прыйшлі ў мову разам з іншамоўнымі словамі.
Беларуская мова мае сваю адметную артыкуляцыйную базу. Асэнсаванне яе азначае свядомае авалоданне гукавым ладам беларускай мовы.
Класіфікацыя зычных гукаў. Пры класіфікацыі зычных улічваецца 4 прыметы: 1. Удзел голасу і шуму. 2. Спосаб утварэння. 3. Месца ўтварэння. 4. Наяўнасць або адсутнасць змягчэння (палаталізацыі – лац. palatum – паднябенне).
1. Па ўдзелу голасу і шуму зычныя падзяляюцца на: – санорныя: в, в', ў, й, л, л', м, м', н, н', р (утвараюцца пры наяўнасці голасу, а не шуму) – шумныя: а) звонкія: б, б', г, г', г`', дз', дж, ж, з, з' (у выніку напружання і вібрацыі галасавых звязак) б) п, п', ф, ф', х, х', к, к', с, с', ш, ч, ц, ц', т (утвараецца адным шумам, без голасу, пры пасіўных галасавых звязках)
2. Па месцы ўтварэння зычныя падзяляюцца на: 1) губныя: губна-губныя (б, б', п, п', ў, м, м') губна-зубныя (ф, ф', в, в') 2) язычныя а) пярэднеязычныя: зубныя (д, т, з, с, дз, ц, н, л, л', р) пярэднепаднябенныя (ж, з', ш, с', дж, дз', ч, ц', н') б) сярэднеязычныя: – сярэднепаднябенныя (й) в) заднеязычныя: – заднепаднябенныя (г, г', х, х', г`', к, к')
3. Спосаб утварэння зычных гукаў – гэта спосаб пераадолення перашкоды на шляху выдыхаемага паветра. Перашкода бывае розных відаў: 1) поўнае змыканне органаў маўлення, якое пераадольваецца, і паветра з шумам выходзіць вонкі – вымаўляюцца змычныя, або выбухныя: б, б', п, п', д, т, г`' (выбухныя), к, к';
2) змыканне няпоўнае са шчылінай, праз якую паветра прасочваецца з шумам, – утвараюцца шчылінныя, ці фрыкатыўныя (лац. fricare – церці): в, в', ў, з, з', с, с', ж, ш, г, г' (фрыкатыўныя. Беларускай мове ўласцівы якг фрыкатыўны (шчылінны), так і г выбухны (змычны). Аднак апошні сустракаецца ў невялікай колькасці слоў, запазычаных з польскай, літоўскай ці нямецкай моў: швагер, гарнец, гвалт, гонта, гузік і інш. У астатніх выпадках вымаўляецца г фрыкатыўны, які суадносіцца па звонкасці – глухасці з глухім х).
3) Поўнае змыканне органаў маўлення і адначасовы рух паветранага струменя ў абыход перашкоды – утвараюцца змычна-праходныя: м. м', н, н' (паветра праходзіць праз нос), л, л' (паветра праходзіць па баках языка).
4) Поўнае змыканне органаў маўлення, паміж якімі затым павольна ўзнікае шчыліна, – утвараюцца змычнашчылінныя, ці афрыкаты (лац. affricate – прыцёртыя): дз, дз', ц, ц', дж, ч.
5) Змыканне і размыканне органаў маўлення (языка і паднябення), ці рытмічнае дрыжанне – утвараецца дрыжачы р.
4. Па наяўнасці ці адсутнасці змякчэння, або палаталізацыі ўсе зычныя падзяляюцца на цвёрдыя і мяккія. Пры ўтварэнні мяккіх зычныхда асноўных гукаўтваральных рухаў далучаецца дадатковая артыкуляцыя: сярэдняя частка спінкі языка, як пры гуку й, падымаецца ўверх да цвёрдага паднябення. У выніку зычны набывае своеасаблівае гучанне, якое умоўна называецца "мяккасцю".
Па прымеце цвёрдасць – мяккасць зычныя гукі падзяляюцца на 3 групы: 1) парныя па цвёрдасці – мяккасці (15 пар): п – п', б – б', в –в', ф – ф', дз, д – дз', с – с', з – з', н – н', л – л', м – м', к –к', г – г', г` – г`', х – х'; 2) няпарныя цвёрдыя: ж, дж, ш, ч, р, ў; 3) няпарны мяккі [й], ён заўсёды мяккі (палатальны, а не палаталізаваны), для яго мяккасць – асноўная, а не дадатковая артыкуляцыя.
У беларускай мове характар памягчэння асобных гукаў іншы, чым у рускай мове. Пры памягчэнні некаторых гукаў мяняецца месца і спосаб іх утварэння. Напрыклад, цвёрдыя [з], [с] – зубныя, а мяккія [з'], [с'] – пярэднепаднябенныя, прычым у беларускай мове яны значна мякчэйшыя, чым у рускай і украінскай мовах.
Гэтая большая ступень мяккасці выяўляецца ў тым, што на слых беларускія [с'], [з'] успрымаюцца як вельмі мяккія, з нязначным шыпячым адценнем. Але гэтая шапялявасць выражана значна слабей, чым у польскіх [ś], [ź].
Зубным, змычным цвёрдым [д], [т] у беларускай мове адпавядаюць мяккія змычна-шчылінныя [дз'], [ц']. Цвёрдыя [дз], [ц] у беларускай мове рэдка проціпастаўляюцца сваім мяккім адпаведнікам. Мяккія [дз'], [ц'] часцей паходзяць з [д], [т]: хата – у хаце, сад – у садзе.
Мяккія [дз'], [ц'] складаюць адну са спецыфічных рыс фанетычнай сістэмы беларускай мовы, якая атрымала назву "дзеканне", "цеканне". Гэтая рыса замацавана ў графіцы беларускай мовы: мяккія гукі, парныя цвёрдым [д], [т], на пісьме перадаюцца адпаведна дыграфам дз і літарай ц.
Зычныя [ш], [ж], [ч], [дж], [р], якія не маюць адпаведных мяккіх, называюцца зацвярдзелымі.
Гэты тэрмін абазначае не столькі іх артыкуляцыйныя асаблівасці, колькі тыя змены, якія адбыліся з гэтымі гукамі на працягу гісторыі: раней яны былі мяккімі, потым зацвярдзелі.
Гук [р] яшчэ ў агульнаўсходнеславянскі перыяд меў мяккі адпаведнік [р'], які потым зацвярдзеў.
Таму зацвярдзелым у беларускай мове з'яўляецца не кожны [р], а толькі той, які узнік з [р'], напрыклад, у словах тыпу рака, звер, грыб (але: рука, рубель, рама – гук [р] спрадвечна цвёрды).
Вылучэнне зацвярдзелых у асобную групу важна і таму, што ў сучаснай беларускай мове некаторыя назоўнікі з асновай на гэтыя гукі маюць іншыя канчаткі, чым назоўнікі з цвёрдай асновай (параўнаем: вада – вадзе, сцяна – сцяне, але: мара – мары, шаша – шашы), г. зн. яны выяўляюць асаблівасці, звязаныя з іх былой мяккай аснове, і таму ў некаторых склонах маюць канчаткі, якія фанетычна супадаюць з канчаткамі назоўнікаў з мяккай асновай (параўн. : зямлі, хвалі і г. д. ).
Кожны зычны будзе ахарактарызаваны, калі вядома, якога ён месца і спосабу ўтварэння, звонкі ці глухі, цвёрды ці мяккі. Гэтыя характарыстыкі патрэбны нам для таго, каб зразумець, як "працуюць" гукі ў мове. Менавіта ад гэтых характарыстык залежаць паводзіны гукаў у моўнай плыні. Веданне гэтых характарыстык неабходна пры вывучэнні графікі і арфаграфіі. Правапіс зычных, напрыклад, нельга засвоіць, калі не ведаць, што такое глухія і звонкія, свісцячыя і шыпячыя і г. д.
Артыкуляцыйная класіфікацыя галосных У бел. мове – 6 галосных гукаў, якія выдзяляюцца пад націскам: і, ы, а, э, о, у.
Паводле артыкуляцыі языка вызначаюць месца і спосаб утварэння галосных. Па месцы ўтварэння галосныя падзяляюцца ў залежнасці ад рухаў языка ў гарызантальным напрамку (уперад – назад) і ад таго, якая частка спінкі языка (пярэдняя, сярэдняя ці задняя) актыўна артыкулюе.
Выдзяляюцца галосныя: 1) пярэдняга рада – [і], [э]; 2) сярэдняга рада – [ы], [а]; 3) задняга рада – [о], [у].
Спосабам утварэння таго ці іншага галоснага гука служыць адпаведны пад'ём спінкі языка па вертыкалі і ўдзел ці няўдзел губ у яго ўтварэнні. Адрозніваюць тры ступені пад'ёму: 1) галосныя верхняга пад'ёму – [і], [ы], [у] (язык у найбольшай ступені падняты да паднябення); 2) галосныя сярэдняга пад'ёму – [э], [о] (спінка языка мае сярэдні пад'ём); 3) галосныя ніжняга пад'ёму – [а] (спінка языка мінімальна паднята).
Галосныя [у], [о] ўтвараюцца пры ўдзеле губ (губы крыху выцягнуты ўперад і акруглены), таму называюцца лабіялізаванымі (лац. лабіа – губа). Астатнія галосныя – нелабіялізаваныя.
Асаблівасці вымаўлення безэквівалентных у дачыненні да рускай мовы гукаў Органы слыху чалавека схільны пазнаваць і адрозніваць толькі тыя гукі, якія ёсць у роднай мове, успрымаюцца і вымаўляюцца, як гэтыя гукі.
Артыкуляцыйныя базы розных моў звычайна не супадаюць. Гэтым і абумоўліваюцца адрозненні ў вымаўленні падобных гукаў у розных мовах.
Напр. , у бел. мове гук [р] толькі цвёрды, у рус. мове ёсць цвёрды і мяккі. Розніца лёгка ўлоўліваецца на слых. Тыя з беларусаў, хто гаворыць па-руску, як быццам і правільна вымаўляюць словы тыпу ряд, зверь, речка, але часта аказваецца, што носьбіты рускай мовы адразу заўважаюць няпоўнае змякчэнне [р'], хоць самі гаворачыя ўпэўнены, што яны добра адрозніваюць [р] і [р'] (для іх слыху такія тонкія адценні гучання неістотныя).
Наадварот, калі рускі чалавек пачынае гаварыць па-беларуску, то часта ўпэўнены, што дастаткова цвёрда вымаўляе [ч], хоць беларус лёгка заўважыць яго недастатковую цвёрдасць.
Такім чынам, трывала засвоеная ў дзяцінстве артыкуляцыйная база роднай мовы, як у своеасаблівым люстэрку, выяўляецца ў акцэнце пры выкарыстанні няроднай мовы. Невыпадкова прынята гаварыць аб англійскім ці нямецкім, грузінскім ці польскім, эстонскім ці іншым акцэнце.
Лекцыя 4. Фанетычны лад беларускай мовы.ppt